Памерці,
трымаючы мару ў абдымках,
забыўшы пра час –
колькі? – месяцы, дні? –
засвечаным кадрам
са стужкі няздымкаў,
нямою мальбою:
“Пачуй! Пазвані!”
Памерці,
заціснуўшы ў жменю жаданні,
душу пазбаўляючы
простых уцех,
адрокшыся ў духу
ад недакахання
і звёўшы
адчайныя слёзы
у смех.
Памерці,
адкінуўшы прэч, нібы смецце,
наноснае –
тое,
што торкала: “жыць!”,
і ўжо адчуваючы
востра,
як вецер
сцяжэлыя вейкі
імкнецца
закрыць.
18.06.2013