Шмат паноў валодала Дукорай...
Але самы люты з кодлы тэй
Зваўся Оштарп – столькі сеяў гора,
Што тым імем пудзілі дзяцей.
Ды пры гэтым сам ён аніякай
Не баяўся кары на зямлі –
Зніштажаў прыгонных небаракаў,
Здзекі з іх страшэнныя чыніў.
Раз аднойчы ў жніўні, ў час дажынак,
Моладзь з поля панскага ішла.
На чале – бы сонейка – дзяўчына –
Прыгажуня-Фросечка з сяла:
У вяночку з кветачак палёвых,
Са снапом жытнёвым у руках…
Як зірнеш – забудзеш нават мову –
Да таго праймае мілата…
Падышлі да Оштарпава ганка…
Выйшаў пан – і ў крэсла свае – шлёп!
Перад ім укленчыла сялянка,
Працягнуўшы ўперад жыта сноп…
Стала пана ў песні велічальнай
Аб вялікай міласці прасіць –
Не губіць прыгонных, як звычайна,
Ні дубцом, ні пугаю не біць.
Прыглядзеўся Оштарп да прыгоннай -
І пытае лёкая цішком:
“Хто такая?” – “Тодарава доня.
Хутка ў ёй вяселле з Васільком.”
Ды нядзеля стрэціла адчаем:
Наляцелі хмарай гайдукі,
Падхапілі Фроську і памчалі
У палац тырана ля ракі…”
..............................................
А калі ён спаў у бруднай стоме,
Вынес Бог прысуд гвалтаўніку:
Фроська ўзяла востры нож кухонны
І рашуча ўскінула руку…
Ды зязюля раптам закувала...
(Пан гадзіннік дзіўны нейкі меў)
Нечаканасць дзеўчыну спужала,
На падлогу нож з рукі зляцеў…
Падхапіўся Оштарп, бы шалёны...
Нож убачыў, нема закрычаў…
І ў сцяне на стайні, ў нішы цёмнай
Шчэ жывой… дзяўчо замураваў...
................................................
Але неяк д'яб.. ехаў з Мінска...
Дык Васіль так мост падпілаваў,
Што той гнюс з карэтаю зваліўся
І зваротна ўжо не выплываў…